СТАЎБЦО́ЎСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1623—1830 у г. Стоўбцы. Засн. трокскім ваяводам А.Слушкам і яго жонкай Соф’яй, якія далі кляштару ў якасці фундушу фальваркі Кучкуны, Атцэда і 6 тыс. злотых. Мураваны 3-нефавы касцёл св. Казіміра пабудаваны ў 1645. У каменную падлогу былі ўмураваны 13 мармуровых надмагільных пліт, у сцены — мармуровыя эпітафіі 18 ст. У скляпах касцёла хавалі прадстаўнікоў феад. знаці (найперш Слушкаў) і духоўных асоб. У 1681 удава падскарбія надворнага ВКЛ Б.Ю.Слушкі Г.Патоцкая падаравала кляштару 10 тыс. злотых. на якія віленскія скульптары аздобілі інтэр’ер касцёла стукавай ляпнінай. У 1830 кляштар скасаваны. У 1865 касцёл закрыты, у 1867—83 ён пераабсталяваны пад правасл. царкву св. Марыі Магдаліны, у 1950-я г. разбураны. У 2-павярховым жылым корпусе кляштара пасля скасавання размяшчалася нар. жаночае вучылішча (будынак не захаваўся).
А.А.Ярашэвіч.
т. 15, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)